ЦЯ́ЖКАЯ ВАДА́,

ізатопная разнавіднасць вады, малекулы якой замест атамаў ​1Н маюць атамы дэйтэрыю, D2O. Атрымана ў 1933. Нязначная колькасць Ц.в. ёсць у прыродных водах і ў атм. ападках.

Фіз. ўласцівасцямі адрозніваецца ад звычайнай вады, tпл 3,813 °C, tкіп 101,43 °C. Хім. ўласцівасці амаль аднолькавыя, аднак рэакцыі і біял. працэсы ў Ц.в. ідуць больш павольна. Атрымліваюць ізатопным абменам паміж малекуламі вады і серавадароду, выдаленнем з астатку электраліту пры многаступеньчатым электролізе вады і інш. Выкарыстоўваюць для атрымання D2, як запавольнік нейтронаў у ядз. рэактарах і інш. Існуе таксама звышцяжкая вада (злучэнне T2O, дзе T — трытый). Прыгнечвае жыццядзейнасць жывых арганізмаў.

т. 17, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)